СТА́НЬКАЎСКІ МУЗЕ́Й ЭМЕРЫ́КА ЧА́ПСКАГА.
Існаваў у маёнтку Станькава (цяпер Дзяржынскі р-н Мінскай вобл.). Размяшчаўся ў спец. пабудаваным у 1862 2-павярховым павільёне («скарбчыку»). Пл. 130 м². Меў 8 аддзелаў: археал. знаходкі стараж. часоў; нумізматыка, геральдыка, сфрагістыка, рукапісы, старадрукі, кніжная справа; касцельная мэбліроўка і начынне; упрыгожанні жаночага і мужчынскага строяў; стараж. адзенне, зброя, інструменты; хатняя мэбля, фарфор, фаянс, гадзіннікі; габелены, карціны, муз. інструменты; кераміка, творы тагачаснага ўжытковага мастацтва. Нумізматычная калекцыя налічвала каля 11 тыс. манет і медалёў 10—18 ст. (пазначаліся мініяцюрнай кантрамаркай), у іх ліку дэнарый польскага кн. Баляслава Храбрага каля 1000, дукаты Польшчы каля 1330, 1621, 1777 і інш.; медалі ў гонар Чапскага, каралёў польскіх і вял. князёў ВКЛ 16—17 ст.; 69 ордэнаў, ордэнскіх зорак і інш. адзнак заслуг. Меліся партрэты каралевы Боны Сфорца (мастак Н.Нелі, 1588), каралёў Жыгімонта II Аўгуста, Жыгімонта III Вазы (мастак А.Годэнберг), Уладзіслава IV Вазы (1624), кн. М.К.Радзівіла Рыбанькі, Б.Хмяльніцкага, Т.Касцюшкі, А.Міцкевіча, прадстаўнікоў роду Чапскіх і інш.; гравюры з выявамі бел. гарадоў. Сярод твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва шкляны посуд Урэцкай і Налібоцкай мануфактур, слуцкія паясы, ювелірныя ўпрыгожанні. У калекцыі зброі гусарскія даспехі 17—18 ст., пазалочаны буздыган (булава) 17 ст., аздобленыя серабром скураныя сагайдакі (калчаны) 18 ст., кавалерыйскі рыштунак (сёдлы, страмёны і інш.), стрэльбы, шаблі і інш. У б-цы (каля 20 тыс. тамоў) меліся Брэсцкая Біблія 1563, рукапісы С.Манюшкі, Ю.Нямцэвіча, А.Адынца; зберагалася вял. калекцыя карт канца 15 — сярэдзіны 19 ст. У 1894 асн. частка музея перавезена ў Кракаў, дзе склала аснову музея і б-кі Чапскіх (цяпер у складзе Нац. музея ў Кракаве).
Літ.:
Валаханович А.И., Кулагин А.Н. Дзержинщина: Прошлое и настоящее. Ми., 1986.
А.Л.Валахановіч.
т. 18, кн. 1, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)